Реферат: Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы - Refy.ru - Сайт рефератов, докладов, сочинений, дипломных и курсовых работ

Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы

Темы по английскому языку » Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы

УА “Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў

медыцынскі ўніверсітэт”

Кафедра рускай і беларускай моў ФПДП


Абмеркавана на пасяджэнні кафедры

рускай і беларускай моў ФПДП

Пратакол №1 ад 2.09.2011г.


МетадычнаЯраспрацоўка для студэнтаў № 5

для правядзення заняткаў

на I курсе стаматалагічнага, фармацэўтычнага, лячэбнага факультэтаў

па дысцыпліне “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”

Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы



75 хвілін.


I. ПЫТАННІ ДЛЯ АЎДЫТОРНАГА КАНТРОЛЮ ВЕДАЎ:

Паняцце тэрміна і яго спецыфічных асаблівасцей.

Паняцце тэрміналогіі і яе спецыфічных асаблівасцей.

Наменклатура як падсістэма тэрміналогіі.

Класіфікацыя тэрмінаў паводле ўжывання і сфер функцыянавання.

Натуральнае папаўненне тэрміналагічнай лексікі і тэрміналагічная работа.

Фарміраванне беларускай навуковай тэрміналогіі.

Беларуская медыцынская тэрміналогіія ў старабеларускай мове.

Развіццё новай беларускай медыцынскай тэрміналогіі.

Гісторыя развіцця беларускай медыцынскай тэрміналогіі.

Сучасны этап у развіцці медыцынскай тэрміналогіі.


МАТЭРЫЯЛ ДЛЯ САМАПАДРЫХТОЎКІ


1. Паняцце тэрміна. Тэрміналогія. Наменклактура


Тэрмін (лац. terminus – мяжа) – слова ці словазлучэнне, якое з’яўляецца назвай спецыяльнага паняцця якой-небудзь сферы вытворчасці, навукі, тэхнікі і г.д.

Як і агульнаўжывальныя словы, тэрміны падзяляюцца на ўласнамоўныя і іншамоўныя. Уласнамоўныя тэрміны ў сваю чаргу падзяляюцца на словы, якія пераўтварыліся ў тэрміны з агульнаўжывальных слоў, і дэрываты. Агульнаўжывальныя словы, якія сталі тэрмінамі, найбольш звязаны па тэматыцы з грамадствам, прыродай, жывёламі, раслінамі і г.д., таму іх шмат у прыродазнаўчых, грамадскіх медыцынскіх навуках: тканка, абалонка, цыбуліна, высыпанне, палачкі,усталік, грабеньчык і інш. Дэрываты – гэта тэрміны, утвораныя з уласнамоўнага ці запазычанага матэрыялу пры дапамозе сваіх ці іншамоўных словаўтваральных сродкаў: асыпанне, грануляванне, гематома, геліялячэнне, акасцяненне.

Не кожнае спецыяльнае слова з’яўляецца тэрмінам. Спецыфіка тэрмінаў відавочна ў параўнанні з агульнаўжывальнымі словамі:

тэрміны выкарыстоўваюцца ў пэўнай сферы дзейнасці, агульнаўжывальныя словы выкарыстоўваюцца неабмежавана;

тэрміны – гэта канцэнтарваныя, эканомныя выражэнні паняццяў, якія з’яўляюцца вынікам навуковай і тэхнічнай дзейнасці людзей;

тэрмін у слоўніках не тлумачыцца, а яму даецца азначэнне, у адрозненне ад агульнаўжывальнага слова, значэнне якога моржа быць растлумачана апісаннем ці параўнаннем;

засваенне тэрмінаў – сэнс прафесійнай падрыхтоўкі, засваенне агульнаўжывальных слоў – аснова штодзённых зносін памж людзьмі;

для засваення тэрмінаў патрабуецца спецыяльна арганізаваная падрыхтоўка, агульнаўжывальныя словы назапашваюцца ў працэсе развіцця чалавека і станаўлення яго асобы;

тэрмін пазбаўлены экспрэсіі і эмацыянальнасці. Нават калі тэрмін узнікае шляхам метафарызацыі, ён губляе сваю эмацыянальную афарбоўку: вочны яблык, цела клеткі, восевы цыліндр, каленная рэпка, бугаркі мозга, спіннамазгавы вузел;

кожны тэрмін з’яўляецц адзінкай пэўнай тэрмінасістэмы, якая абмежавана галіной навукі, і сваю адназначнасць тэрмін атрымлівае менавіта праз прыналежнасць сістэме;

тэрмін адназначны ў межах сваёй сістэмы, агульнаўжывальнае слова найчасцей мнагазначнае.

Слова тэрміналогія выкарыстоўваецца ў некалькі значэннях:

сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сістэму паняццяў, напрыклад, тэрміналогія эканомікі, тэрміналогія мовазнаўства, юрыдычная тэрміналогія;

у больш шырокім сэнсе слова тэрміналогія ўжываюць для абазначэння агульнай сукупнасці тэрмінаў пэўных галін дзейнасці;

раздзел мовазнаўства, які займаецца вучэннем тэрмінаў.

Мэта тэрміналогіі – дасягненне дакладнасці і адназначнасці тэрмінаў, адпаведнасці паміж сістэмай тэрмінаў і сістэмай паняццяў. Таму асноўнымі асаблівасцямі тэрміналогіі з’яўляецца:

адсутнасць мнагазначнасці тэрмінаў. Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы, тэхніцы, а кожнаму паняццю павінен адпавядаць толькі адзін тэрмін. Так, слова абсцэс у медыцыне азначае гнайнік. Адназначнымі з’яўляюцца біялагічныя тэрміны сімбіёз, калякветнік (околоцветник) і інш., лінгвістычныя метатэза, перараскладанне і інш., хімічныя двухвокіс, ангідрыд і інш. Але разважаць пра адназначнасць тэрмінаў можна толькі ў межах дадзенай тэрміналагічнай сістэмы. Напрыклад, слова інкубацыя ў медыцыне – скрыты перыяд хваробы, у сельскай гаспадарцы – вывядзенне птушанят у інкубатары; грануляцыя як астранамічны тэрмін абазначае “зярністасць паверхні Сонца”, а ў медыцыне – гэта “новая тканка, што ўтвараецца пры загаенні раны”;

адсутнасць сінаніміі тэрмінаў. Тэрмін не павінен мець сінонімы, паколькі любое адценне паняцця павінна мець ўласнае абазначэнне з дапамогай тэрміна. Аднак у рэальна існуючых нярэдка прысутнічае сінанімія, варыянтнасць, а таксама кароткія варыянты поўнага тэрміна.

Варыянтаміназываюццатэрміны, якія адрозніваюцца паміж сабой фанетычнымі або словаўтваральнымі элементамі і поўнасцю супадаюць сваім значэннем (адыманне – адніманне, арбітражор – арбітражыст, аўкцыянер – аўкцыяніст),

Скарачэнне здзяйсняецца пропускам аднаго з кампанентаў тэрміналагічнага словазлучэння (дысперсія хуткасці гуку – дысперсія гуку), заменай словазлучэння тэрмінам, утвораным шляхам усячэння (імпульсны сігнал – імпульс, іскравы разрад – іскра, намінальная вартасць – намінал). Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна лічыцца абрэвіяцыя (біялагічны эквівалент рэнтгена – бэр, ЦПК – Цывільны працэсуальны кодэкс, МВФ – Міжнародны валютны фонд). Скарачэнне можа дасягацца таксама сродкамі сімволікі (г-прамяні –электрамагнітнае выпрамяненне з вельмі кароткай даўжынёй хвалі (менш 0,1 нм) і інш.) і дублетнасць (лінгвістыка – мовазнаўства, мнагазначнасць – полісемія, арфаграфія – правапісанне, азбука – алфавіт);

антанімія тэрміналогіі ўласціва не менш, чым лексіцы агульналітаратурнай мовы. Сустракаюцца тэрміны-антонімы практычна ў кожнай галіне навуковай дзейнасці: актыў – пасіў, брадыкардыя – тахікардыя, мікрацэфалія – макрацэфалія, кароткі гук – працяглы гук, высокія тэмпературы – нізкія тэмпературы;

аманімічныя тэрміны часцей за ўсё адносяцца да розных тэрміналагічных сэстэм, іх называюць міжнавуковымі амонімамі. Напрыклад, тэрмін марфалогія абазначае ў мовазнаўстве “раздзел граматыкі, які вывучае формы слова”, у анатоміі - “навуку аб форме і будове чалавека і жывёлы”, у батаніцы - “навуку, якая вывучае будову і формаўтварэнне раслін”;

адсутнасць экспрэсіі, нейтральнасць з эмацыянальна-экспрэсіўнага пункту гледжання. Нават тэрміны, якія ўзнікаюць на аснове вобразнага пераасэнсавання паняцця, губляюць экспрэсіўна-эмацыянальную афарбоўку: зуб мудрасці, чырвоны радок, гарлачык жоўты, рукаў (ракі).

Тэрміналогія мае своеасаблівую падсістэму – наменклатуру. Наменклатура – гэта сістэма назваў тэрмінаў, якія ўжываюцца ў пэўнай галіне навукі і тэхнікі, гэта сістэма ўмоўных сімвалаў, прызначэнне якіх – даць максімальна зручны з практычнага пункту погляду сродак для абазначэння прадметаў. напрыклад, анатамічная наменклатура – гэта сістэма анатамічных тэрмінаў, якая ўпарадковае лацінскія назвы органаў і частак цела, у выніку чаго навукоўцы розных краін свету могуць карыстацца аднолькавымі абазначэннямі анатамічных аб’ектаў. Анатамічная наменклатура з’яўляецца асновай медыцынскай тэрміналогіі. Адрозніваюць Міжнародную анатамічную наменклатуру, якая зацверджана на Міжнародным кангрэсе анатамаў, і нацыянальную анатакмічную наменклатуру. Абедзве вызначаюць тэрміны, найбольш распаўсюджаныя і абавязковыя для афіцыйнага медыцынскага лексікону і прызначаныя абмежаваць свавольную тэрмінатворчасць і прыпыніць з’яўленне прафесійных анатамічных жаргонаў.


Класіфікацыя тэрміналагічнай лексікі.


Тэрміны паводле ўжывання падзяляюцца на агульназразумелыя і вузкаспецыяльныя. Сэнс агульназразумелых тэрмінаў вядомы і неспецыялісту (хаця б у агульных рысах). Тэрміны вузкаспецыяльныя зразумелыя і выкарыстоўваюцца толькі спецыялістамі, ужыванне іх за межамі дадзенай тэрмінасістэмы, па-за сферай навукі, тэхнікі ці мастацтва, патрабуе тлумачэння. Напрыклад, агульназразумелымі з’яўляюцца медыцынскія тэрміны ангіна, дыягназ, наркоз, пазуха, атручэнне, апраменьванне і інш. І вузкаспецыяльныя - сератэрапія (лячэнне сывараткай), лізіс (павольнае зніжэнне тэмпературы), фіброма (від пухліны) і інш. Напрыклад, хімічныя агульназразумелыя тэрміны кіслата, акісленне, вадарод, рэакцыя і інш. А вузкаспецыяльнымі з’яўляюцца гідроліз (разлажэнне складанага рэчыва пад уздзеяннем вады), кальцынацыя (пракальванне рэчыва з мэтай яго акіслення ці разлажэння) і інш. Рэзкай мяжы паміж агульназразумелымі і вузкаспецыяльнымі тэрмінамі няма. Сустракаюцца тэрміны, якія маюцбь адценне састарэласці: ангелька (рахіт), цынга (шкробут), сухоты (туберкулёз), зельня (аптэка).

У адпаведнасці са сферамі функцыянавання ў складзе тэрміналагічнай лексікі вылучаюць наступныя разрады: грамадска-палітычная, грамадска-культурная, навуковая і тэхнічная тэрміналогія.

Да грамадска-палітычнай тэрміналогіі адносяцца:

тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў сферы грамадска-палітычнай дзейнасці: выбары, дэпутат, парламент і інш.;

тэрміны розных грамадскіх навук - гісторыі (адраджэнне, рэфармацыя), філасофіі (абстракцыя, эмпірызм, алагізм), палітычнай эканомікі (вартасць, даход, сродкі абарачэння), логікі (дэдукцыя, суджэнне, абстрактнае разважанне) і інш.

Да грамадска-культурнай тэрміналогіі адносяцца словы, што функцыянуюць у сферы культуры - музыцы (акорд, арыя, гукарад), тэатральным мастацтве (авансцэна, дэкарацыя, трупа), кінамастацтве (гукааператар, сцэнарый), выяўленчым мастацтве (жывапіс, нацюрморт, пейзажыст), архітэктуры (арка, барока, готыка) і інш.

Асаблівасцю грамадска-палітычнай і грамадска-культурнай тэрміналогіі з’яўляецца тое, што ім не ўласціва вузка абмежаваная сфера выкарыстання, стылістычная замкнутасць.

У склад навуковай тэрміналогіі ўваходзяць тэрміны розных галін навукі - геаграфіі, фізіялогіі, геалогіі, астраноміі, хіміі, фізікі, матэматыкі мовазнаўства, медыцыны (аазіс, мерыды, лінгвістыка, суфікс, прэпазіцыя, косінус, тэарэма, функцыя, аорта, дыягназ, карыес, пратэз і інш.)

Да тэхнічнай тэрміналогіі адносяцца тэрміны, што функцыянуюць у розных вытворча-тэхнічных сферах - машынабудаванні, электратэхніцы, гідратэхніцы, радыётэхніцы, металургіі, горнай справе і г.д. (генератар, камера згарання, гідрометр, дамба, домна, бур і інш.)


3. З гісторыі фарміравання беларускай навуковай тэрміналогіі.


Пры аналізе фарміравання тэрміналогіі неабходна паслядоўна размяжоўваць працэс натуральнага папаўнення тэрміналагічнай лексікі ў ходзе развіцця пэўных галін навукі і ўласна тэрміналагічную работу па ўпарадкаванні гэтай лексікі. Натуральнае папаўненне тэрміналагічнай лексікі неаддзельна звязана з умовамі развіцця і функцыянавання нацыянальнай мовы. Тэрміналагічная работа па стварэнні пэўнай тэрміналогіі падзяляецца на чатыры этапы:

Гэты этап звязаны са сферай функцыянавання (навуковыя тэксты) тэрміналагічнай лексікі, у гэты час галоўная роля належыць спецыялістам канкрэтнай галіны ведаў.

Апісанне назапашанага моўнага матэрыялу і складаннем першых тлумачальных слоўнікаў.

Моўнае ўпарадкаванне (суаднясенне з нормамі мовы) і фіксацыя тэрміналогіі.

Нарматыўнае выкарыстанне тэрміна ў сферы функцыянавання.

Паколькі беларуская мова характарызуецца працягласцю і перарывістасцю свайго гістарычнага развіцця, то ёсць падставы сцвярджаць, што натуральнае фарміраванне беларускай навуковай тэрміналогіі таксама з’яўляецца працяглым, але перарывістым.

Такія пазамоўныя фактары, як забарона беларускай мовы Варшаўскім сеймам у 1696 годдзе і негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі, выклікалі больш чым стогадовы разрыў паміж пісьмовымі традыцыямі старабеларускай і сучаснай беларускай мовы, адмоўна ўздзейнічалі на фарміраванне нацыянальнай навуковай тэрміналогіі, паколькі замацаванне навуковых тэрмінаў адбываецца, перш за ўсё, у працэсе ўжывання іх у друкаваных выданнях. Лексікаграфічная ж і ўласна тэрміналагічная работа ў такіх сацыяльных умовах наогул не магла быць арганізавана.

Першапачатковай асновай фарміравання тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы неабходна лічыць назвы (намінацыі) розных прадметаў і з’яў прыроды ў народным маўленні і пазней фіксацыю гэтых намінацый у пісьмовых помніках старабеларускай мовы.

Разуменне працэсу развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі цесна звязана з узнікненнем і развіццём пісьменства на Беларусі. А пісьменства на Беларусі аформілася адначасова з яго ўзнікненнем ва ўсёй Кіеўскай Русі (розныя надпісы, зробленыя кірыліцай рамеснікамі Кіева, Ноўгарада, Полацка, Смаленска і іншых старажытных цэнтраў, дзелавыя запісы і прыватныя лісты на бытавыя і гаспадарчыя тэмы). Так, у тэксце знойдзенай у 1959 годзе ў Віцебску берасцяной граматы, якая датуецца XIII – XIV стагоддзямі, можна вылучыць наступныя словы, што ўвайшлі ў склад тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы і сталі асновай стварэння асобных тэрмінаў з розных галін гаспадарчай дзейнасці: грыўня, жыта, купіць, наяўнасць, прадаць.

Да ліку фактараў, якія садзейнічалі фарміраванню беларускай тэрміналагічнай лексікі ў XIV – XVII стагоддзях, можна аднесці, па-першае, тое, што з другой паловы XIV пісьмовая беларуская мова стала дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага. Гэта спрыяла развіццю поўнафункцыянальнасці старабеларускай мовы, фарміраванню яе асноўных стыляў, у тым ліку і навуковага. Па-другое, у першай палове XVI стагоддзя ў Беларусі ўзнікла, а да сярэдзіне XVI стагоддзя атрымала шырокае распаўсюджанне, кнігадрукаванне, якое ў значнай ступені садзейнічала выпрацоўцы лексічных норм, расшырэнню слоўніка, замацаванню намінацый новых навуковых паняццяў у моўнай практыцы. Найбольш развітымі (з пункту погляду натуральнага фарміравання) галінамі тэрміналогіі ў XIV – XVII стагоддзях былі тыя, якія абслугоўвалі асноўныя напрамкі гаспадарчага, навуковага і грамадскага жыцця беларускага народа. Гэта грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельскагаспадарчая, прамысловая, ваенная тэрміналогія, а таксама тэрміналогія мовазнаўства, астраноміі, матэматыкі і інш.

Развіццё беларускай тэрміналогіі, як і іншых мовазнаўчых дысцыплін, было цесна звязана са станам школьнага навучання. Праваслаўным, ці так званым брацкім, вучылішчам і школам, якія ў XVI – XVII стагоддзях былі шырока распаўсюджаны на Беларусі як цэнтры ўсходнеславянскага пісьменства, патрэбны былі падручнікі. Першая друкаваная граматыка была выдадзена ў 1586 годзе ў Вільні друкарняй Мамонічаў (“Кграматыка словеньска языка...” прыпісваецца Іаану Дамаскіну). Кожная наступная граматыка, якая выдавалася на тэрыторыі Беларусі (“Грамматика словенска” Л.Зізанія 1596 г., “Грамматика славенския правилное синтагма...” М.Сматрыцкага 1618 і 1619 гг.), усё больш тэрміналізавалі лексічныя сродкі народнай мовы.

Ролю тэрміналагічных слоўнікаў ў XIV – XVII сагоддзях часткова выконвалі глосы, якія змяшчалі на палях ці паміж радкамі рукапісу або друкаванага выдання, што садзейнічала станаўленню адзінага моўнага і сэнсавага ўжывання тэрмінаў. У XVII стагоддзі ў сувязі з пашырэннем сферы ўжывання беларускай мовы распаўсюдзілася тлумачэнне беларускіх тэрмінаў з дапамогай рускіх глос: выличать – вычитать, грашовые – денежные, поданья – подати, час – время.

Вялікае значэнне для развіцця беларускай тэрміналогіі меў створаны ў 1596 г. Лаўрэнціем Зізаніем першы славяна-беларускі слоўнік – “Лексіс”, а таксама “Лексікон славенароскі” Памвы Бярынды. Значная частка змешчаных тут тэрмінаў захавалася да нашага часу: бытие, выхованье, истина, мова, особа, оборонца, пытанье, сведомосць, скарга, утиск.

Нягледзячы на дастаткова высокі ўзровень развіцця навукі і асветы, адпаведны тэрміналагічны фонд старабеларускай мовы, а таксама даўнія лексікаграфічныя традыцыі, у XVII – XVIIІ стагоддзях спецыяльныя тэрміналагічныя слоўнікі на Беларусі выдадзены не былі. Убачылі свет толькі адзінкавыя навуковыя кнігі. У многім гэта тлумачыцца перапынкам функцыянавання пісьмовай беларускай мовы, а пазней - негатыўным стаўленнем да яе царскага урада Расіі.

Прыкметны ўплыў на развіццё новай беларускай тэрміналогіі зрабілі навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў.

Да першых спроб беларускай тэрміналагічнай працы адносяцца граматычная тэрміналогія ў падручніку Б.Тарашкевіча “Беларуская граматыка для школ” (1918), слоўнік літаратурных тэрмінаў у кнізе М.Гарэцкага “Гісторыя беларускай літаратуры” (1920), распрацоўка Беларускай вайсковай камісіяй ваеннай тэрміналогіі ў брашурах “Вайсковая стылістыка” (1919) і “Каманды па-беларуску” (1920) і інш.

Паслядоўная і мэтанакіраваная праца па стварэнню беларускай навуковай тэрміналогіі пачалася пасля арганізацыі Беларускага школьнага савета (1919), які распрацоўваў асноўныя тэрміны для пачатковай школы. У лютым 1921 г. была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, праца якой дала вялікі плён. За ўвесь час свайго існавання камісія мела 70 агульных пасяджэнняў, на якіх было разгледжана і прынята да 3000 тэрмінаў. На базе гэтай камісіі ў пачатку 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У яго ўвайшлі М.Байкоў, М.Гуткоўскі, Я.Лёсік, С. Некрашэвіч і інш. Тэрміналагічныя камісіі Інбелкульта, нягледзячы на цяжкасці і недахопы, зрабілі вельмі карысную для беларускай навукі справу, а іменна:

вызначылі кола навуковых паняццяў і сродкі іх выражэння ў мове. Побач з асобнымі няўдалымі штучнымі наватворамі былі прапанаваны і даволі трапныя і дакладныя тэрміны, як скарачэньне (абревиатура); калючапёрыя (колючепёрые); яшчарка (ящерица); прымета, адзнака (примета); дужкі (скобки); сугучча (созвучие) і інш.;

шукалі крыніцы навуковай тэрміналогіі (навуковыя тэксты па розных галінах ведаў);

падбіралі іншамоўныя лексічныя адпаведнікі да беларускіх тэрмінаў;

распрацоўвалі прынцыпы тэрміналагічнай працы і асвятлялі іх у друку;

займаліся сістэматызацыяй і ўніфікацыяй тэрміналагічнай лексікі;

абагульнялі звесткі з розных беларускіх тэрміналагічных слоўнікаў, выдадзеных у рэспубліцы і за яе межамі.

Вынікам працы спецыялістаў па розных галінах ведаў і супрацоўнікаў тэрміналагічных камісій Інбелкульта (з 1929 г. – Беларукай акадэміі навук) сталі падрыхтоўка і выданне 24 выпускаў “Беларускай навуковай тэрміналогіі”, напрыклад:

Выпуск 1. Элементарная матэматыка – 1922 год;

Выпуск 2. Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва – 1923 год;

Выпуск 4. Тэрміналогія логікі і псіхалогіі – 1923 год;

Выпуск 6. Батаніка: агульная і спецыяльная – 1924 год;

Выпуск 7. Музычныя тэрміны – 1926 год;

Выпуск 13. Анатамічныя назвы – 1927 год;

Выпуск 17. Слоўнік бухгалтарскай тэрміналогіі – 1928 год;

Выпуск 19. Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі – 1928 год;

Выпуск 21. Слоўнік фізічнай тэрміналогіі – 1929 год;

Выпуск 24. Слоўнік тэрміналогіі агульнай раслінагадоўлі – 1930 год і інш.

Але не ўсе рэкамендаваныя тэрміны замацаваліся ў беларускай тэрміналогіі, бо некаторыя наватворы былі недакладнымі, варыятыўнымі ці ўжо мелі свае інтэрнацыянальныя адпаведнікі (часцей рускія): (красленне (чарчэнне), пэўнік (аксіёма), прамакутнік (прамавугольнік) і інш.) Значная частка тэрмінаў паўтаралася з выпуска ў выпуск.

Пасля стварэння Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР была разгорнута работа па ўкладанню больш вузкіх спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў. У 1932 г. выйшаў першы Слоўнік тэхнічнай тэрміналогіі, праводзілася работа па падрыхтоўцы Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У працэсе гэтай работы быў унесены значны ўклад у справу ўнармавання беларускай тэрміналогіі.

Аднак намечаныя планы не былі рэалізаваны. У сярэдзіне 30-х гадоў пачалася рэпрэсіўная кампанія супраць беларускай інтэлігенцыі. Беларуская навуковая тэрміналагія грунтоўна не замацавалася ў практычным выкарыстанні з прычыны выцяснення беларускай мовы як мовы выкладання ў медыцынскіх інстытутах, асабліва пасля вядомай рэформы беларускай мовы 1933 года, у выніку якой набыла размах тэндэнцыя да зліцця беларускай мовы з рускай.

Адраджэнне пачалося толькі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Аднак на гэты час ў рэспубліцы не было агульнага цэнтра распрацоўкі і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі, што прывяло да варыятыўнасці: з’явілася мноства варыянтных пар тыпу выключацель і выключальнік, скорасць і хуткасць і інш. Вялікая ступень варыятыўнасці тэрмінаў характэрна для выдадзеных у 40-х – 50-х гадах брашур і кніг па тэхналогіі металаў, будаўнічай справе, механізацыі і г.д. Моўная практыка патрабавала ўзнаўлення ў рэспубліцы тэрміналагічнай работы. У 50-х гадах у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР працаваў сектар тэрміналогіі. У гэтым сектары былі падрыхтаваны і выдадзены “Русско-белорусско-латинский словарь ботанической терминологии” (1967), “Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии” (1970), картатэка для Руска-беларускага палітэхнічнага слоўніка, “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” (1962) і інш. У 60-х гадах у рэспубліцы не было спецыяльнага тэрміналагічнага цэнтра. Толькі ў 1979 годзе была створана Тэрміналагічная камісія Акадэміі навук БССР, якая складалася з 9 секцый і ўключала вядучых вучоных, спецыялістаў розных галін ведаў. Асноўнымі задачамі камісіі з’яўляліся: распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай тэрміналогіі; падрыхтоўка слоўнікаў, тэрміналагічных зборнікаў; сістэматызацыя рускай тэрміналогіі; кансультацыі ўстаноў і арганізацый па тэрміналогіі і інш.

У 1991 годзе Тэрміналагічная камісія была ператворана ў Рэспубліканскую тэрміналагічную камісію пры Акадэміі навук Беларусі. За перыяд з 1991 па 1995 гады Камісія выдала пяць выпускаў “Тэрміналагічнага зборніка”. Паколькі адна Рэспубліканская тэрміналагічная камісія не магла вырашыць усе праблемы фарміравання беларускай тэрміналогіі, а ў 90-я гады ў сувязі з пераходам выкладання шэрагу дысцыплін у ВНУ на беларускую мову з’явілася неабходнасць у стварэнні перакладных тэрміналагічных слоўнікаў, то былі створаны Тэрміналагічная камісія Таварыства беларускай мовы, Тэрміналагічны цэнтр БДУ і шэраг камісій, груп, творчых калектываў у многіх ведамствах, вышэйшых навульных установах і г.д.


3. Шляхі развіцця беларускай медыцынскай тэрміналогіі


Гісторыя фарміравання і далейшага папаўнення беларускай медыцынскай тэрміналогіі непарыўна звязана з развіццём усёй беларускай літаратурнай мовы. Паколькі беларуская мова характарызуецца працягласцю і перарывістасцю свайго развіцця, то і гісторыя фарміравання яе тэрміналогіі працяглая і перарывістая ў адрозненне ад іншых славянскіх моў.

Першапачатковая аснова фарміравання беларускай медыцынскай лексікі – намінацыі розных прадметаў і з’яў у народным маўленні, а пазней – іх фіксацыя ў помніках старабеларускай мовы. Далейшае развіццё і папаўненне медыцынскай тэрміналагічнай лексікі звязана з існаваннем ВКЛ і ўзнікненнм кнігадрукавання на Беларусі. Медыцынская тэрміналогія была найбольш развітай ў XIV – XV стагоддзях. Асноўную яе частку складае ўсходнеславянская беларуская лексіка (бялок, лячэбнік, воспа, малакроўе) і тэрміны ўласнабеларускага паходжання (абмен рэчываў, пухліна, хвароба, ныркі, шаленства).

Ажыўленне тэрміналагічнай работы пачалося ў XX стагоддзі. Укладанне першай беларускай медыцынскай тэрміналогіі было распачата ў 1923 – 1928 гадах. Як вядома ў 20-я гады на тэрыторыі Беларусі праводзілася палітыка “беларусізацыі”, якая дакляравала развіццё навукі, і медыцынскай у тым ліку, на беларускай мове. Паўставала пытанне аб стварэнні беларускай навуковай тэрміналогіі ў першапачатковым аб’ёме з мэтай палягчэння выкладання некаторых дысцыплін у сярэдняй і вышэйшай школе. Для вырашэння гэтай задачы ў красавіку 1924 года была заснавана Медыцынская секцыя пры Інстытуце беларускай культуры БССР (з 1928 года у складзе Інстытута навуковай мовы Беларускай акадэміі навук). Секцыя апрацоўвала беларускую медыцынскую тэрміналогію з мэтай пераходу на беларускамоўнае выкладанне і друкаванне медыцынскай літаратуры. У склад Тэрміналагічнай камісіі па праблемах медыцынскай лексікі ўвайшлі дактары Іван Цвікевіч і Павел Трэмповіч, а таксама студэнт-медык Павел Каравайчык (сакратар і дакладчык). Першая праца секцыі – “Nomina Anatomica Alborutenica” (анатамічныя назвы ў трох тамах) – выдадзена ў 1926 – 1929 гг. Гэта быў праект, які прапаноўваўся для далейшага абмеркавання, аднак афіцыйна адзначалася, што для аўтараў падручнікаў гэтая тэрміналогія будзе з’яўляцца абавязковай. Затым была распачата праца над фізіялагічнай і інфекцыйнай тэрміналогіямі, але яна не была скончана, рукапісы захоўваюцца зараз у Нацыянальным Архіве Рэспублікі Беларусь.

Уся анатамічная лексіка ў слоўніках падзялялася на раздзелы: міялогія (раздзел анатоміі, які вывучае будову мышцаў і мышачнай сістэмы), спланхналогія (раздзел анатоміі, які вывучае вантробы чалавека), ангіялогія (раздзел анатоміі, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды), неўралогія (раздзел анатоміі, які аформіўся ў асобную навуку, якая вывучае будову, развіццё і дзейнасць нервовай сістэмы), рэгіёны корпусу чалавека і інш. Крыніцамі анатамічнай тэрміналогіі былі дарэвалюцыйныя працы нямецкіх, французскіх, польскіх і расійскіх вучоных.

З пункту гледжання этымалогіі (паходжання) значную колькасць слоў, якія былі ўключаны ў групу анатамічнай лексікі, складалі запазычанні лацінскага паходжання: muskulus trapezius, muskulus rhomboideae, lateralis, medialis і інш. Гэта тлумачыцца тым, што беларуская медыцынская лексіка, як і медыцынская тэрміналогія шмат якіх іншых еўрапейскіх народаў, фарміравалася пад моцным уздзеяннем латыні.

Аднак пераважную большасць анатамічных беларускамоўных тэрмінаў у першых медыцынскіх слоўніках складалі адзінкі, якія ствараліся на аснове народнай мовы. Выкарыстанне лексічных сродкаў беларускай мовы адбывалася шляхам ужывання агульнаўжывальнага слова ў тэрміналагічным значэнні або, калі яно не зусім дакладна выражала змест навуковага паняцця, шляхам стварэння на аснове народнага слова новай тэрміналагічнай адзінкі: цягліца (мышца), папялісты грудок (серый бугорок), скляпенне (свод), мазговы пасак (мозговой ремешок), аточынка (брыжейка), зьвязак (спайка), страўнічок (желудочек), вузьлік (узелок), аброцька (уздечка), міжножачны вузел (межножковый ганглий), задні зьвязак (задняя спайка), векавая частка (покрышечная часть). Ва многіх выпадках навукоўцы імкнуліся замяніць запазычаныя рускамоўныя тэрміны або іх элементы ўласнамоўнымі словамі: фасцыі – пялёньніца, перешеек – перасмык, гіпофіз – ніжні атожылак мазгоў, сгибающая мышца – згінальніца, эпителиальная пластинка сосудистой покрышки – пакрытнічны варсавы пласток, влагаищная связка – похвавы вяз, вращающая мышца – крутніца і інш. Такое становішча анатамічнай тэрміналогіі на свой час было перспектыўным і заканамерным, паколькі ў паслякастрычніцкі перыяд асноўнай крыніцай папаўнення медыцынскай тэрміналогіі выступала агульнаўжывальная лексіка беларускай мовы.

Аналіз выданняў“Nomina Anatomica Alborutenica” 20-х гадоў сведчыць аб тым, што немалая частка тагачаснай медыцынскай тэрміналогіі дайшло і да нашага часу, напрыклад, неўралагічнай тэрміналогіі: шыйная частка, задняе ядро, шво, ніжняя ямка, тыльная частка, пятля, бакавая баразна, лейка, пярэдняя доля, ніжняя ножка, падушка, шыўкаватае цела, барозны мазгоў і інш. Разам з тым, шматлікія наватворы 20-х гадоў аказаліся штучнымі і па гэтай прычыне нежыццяздольнымі. На сённяшні дзень не кожны зможа зразумець сэнс некаторых анатамічных тэрмінаў першых медыцынскіх слоўнікаў: зрочная завараць (зрительный выступ), пярэдні грудок зрочнага груда (передний бугорок зрительного бугра), шышавічная завараць (выступ шишковидного тела), лукавіны (извилины), дзюбны пласток (пластинка клюва), сьвідрованая матэрыя (продырявленное вещество), нюхальны груд (обонятельный бугор), сьлізявая кішэня (слизистая сумка) і інш.

Укладальнікі “Беларускай навуковай тэрміналогіі” ставілі мэту задаволіць надзённыя патрэбы навуковага і культурнага будаўніцтва на Беларусі. Але дасягнулі яе толькі часткова: і іх праца расцэньваецца як спроба стварэння беларускай навуковай тэрміналогіі, якая спрыяла далейшаму разгортванню лексікаграфічнай дзейнасці і стала прыкметнай падзеяй у беларускім мовазнаўстве.

На аснове ахарактарызаваных выданняў у 30-х гадах друкаваліся падручнікі і дапаможнікі па асноўных медыцынскіх дысцыплінах: хірургіі, артапедыі, фізіялогіі, фармацэўтычнай хіміі, акушэрству і гінекалогіі, паталагічнай анатоміі, гігіене. У 1938 годзе публікацыі медыцынскіх падручнікаў і манаграфій на беларускай мове прыпынілася. У першае перадваеннае дзесяцігоддзе ў рэспубліцы не было цэнтра па распрацоўцы і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі, што прывяло да значнай варыятыўнасці тэрміналогіі. Таму ў 1955 годзе ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР быў створаны сектар тэрміналогіі. З вяртаннем беларускай мове статуса дзяржаўнай у 90-х гадах тэрмінатворчасць у галіне медыцынскіх ведаў аднавілася: выдадзены праекты гісталагічнай і эмбрыялагічнай наменклатур, слоўнікі па фізіялогіі, анатоміі, медыцынскай вірусалогіі, перакладныя слоўнікі па медынскім навукам.

На фарміраванне сучаснай медыцынскай тэрміналогіі аказалі значны ўплыў:

1. Запазычанні.Як правіла, запазычваюцца інтэрнацыянальныятэрміны, якімі карыстаюцца многія мовы. Часцей за ўсё пры запазычаннях выкарыстоўваецца калькаванне (звычайна з рускай мовы): тазобедренный – тазасцегнавы, большеберцовый – вялікагалёнкавы. У складаных тэрмінах першай часткай звычайна з’яўляюцца ўсечаныя часткі, часцей за ўсё, грэчаскіх назоўнікаў і прыметнікаў:

ларынга- (ад larynks, -ngos – гартань) - выражае паняцце “які адносіцца да гартані: ларынгаспазма, ларынгастэноз;

мія- (ад mys, myos – мышца) - выражае паняцце “мышачны”: міяфібрылы,, міярэлексанты;

неўра- (ад neuron – нерв) - указвае на сувязь з нервовай сістэмай: неўрадыспансер, неўрадэрміт;

нефра- (ад nephros – нырка): нефралогія, нефрапатыя;

пнеўма- (ад pneuma – дыханне): пнеўмакокі, пнеўмамікоз;

самата- (ад soma,-atos – цела): самататрапін, саматаскапія;

спондыла- ( ад spondylos – пазванок): спондылаартрыт, спондалалістэз;

фармака-( ад pharmakon – лякарства): фармакалогія, фармакахімія;

хламіда-( ад chlamys – плашч): хламідабактэрыя, хламідаспоры;

энтэра-(ад enteron – кішка): энтэрабіёз, энтэравірусы;

адэна-(ад aden – залоза): адэнаматоз, адэнамер;

анка-( ад onkos – уздутасць): анкагены, анкагенэз;

ата-( ад us, otos – вуха): атаскоп, атафон;

афтальма-( ад ophtalmos – вока): афтальмарэакцыя, афтальмія;

гемата-( ад haima, -atos- кроў): гематапсія, гематахром;

дэрмата-(ад derma-, -atos – скура): дэрматоз, дэрматыт;

кранія-( ад kranion – чэрап): краніяскапія, краніястэноз;

наза-(ад nosos – хвароба): назаарэал, назафобія;

рына-( ад rhis, -inos – нос): рынапластыка, рынасклерома;

сарка-( ад sarks, sarkos – мяса): саркаплазма, саркалема;

спланхна-(ад splachnon – вантробы): спланхнаплеўра, спланхнаптоз;

такса-( ад toksikon – яд): таксікаманія, таксікаінфекцыя;

тарака-( ад thoraks – грудзі): таракатамія, таракаскоп;

ура-(ад uron – мача): урабілін, уралогія;

фізія-(ад phisis – прырода): фізіялогія, фізіятэрапія;

хале-(ад chole – жоўць): халестырын, халецыстыт;

хондра-(ад chondros – храсток): хондрадыстрафія, хондрасаркома;

эмбрыя-(ад embryon – зародак): эмбрыягенэз, эмбрыялогія;

энцэфала-(ад enkephalos – мозг): энцэфалаграма, энцэфаліт.

Колькасць лацінскіх тэрмінаў значна меншая ў параўнанні з грэчаскімі найменнямі. Гэта, як правіла, тэрміны, першай часткай якіх з’яўляюцца лацінскія элементы:

вібра- (ад vibro дрыжу, вагаюся; выражае паняцце “вібрацыйны”): вібраграма, вібратэрапія;

імуна- (ад immunis свабодны ад чаго-небудзь, некрануты; указвае на адносіны да імунітэту): імунаглабуліны, імунадэпрэсанты;

каранара- ( ад coronarius вянечны; выражае паняцці “які мае адносіны да вянечных артэрый сэрца”): каранарасклероз, каранараспазма;

лакта- (ад lac, -ctis малако; выражае паняцце “які адносіцца да малака”): лактабактэрыі, лактамы;

мульты- (ад multium многа; указвае на шматлікасць прадметаў або на шматразовасць дзеянняў, функцый): мультываленты, мультыфункцыянальнасць;

радые- (ад radius прамень; указвае на адносіны да радыеактыўнасці, радыяцыі): радыехімія, радыемутацыі.

Ёсць складаныя тэрміны, у якіх другой часткай часта з’яўляюцца элементы:

-фікацыя (ад facere рабіць; абазначае ўкараненне, распаўсюджанне): фэфікацыя;

-цыд (ад caedo забіваю; адпавядае паняццю знішчэнне),: стрэптацыд;

-ол (ад oleum алей; адпавядае паняццю алей): талуол.

Некаторыя медыцынскія тэрміны і іх часткі ў складаным найменні запазычаныя з іншых моў:

самнамбулізм (somnambulisme, ад лацінскага somnus “сон” + ambulare “хадзіць” – з французскай мовы);

мальсека (malsecco, ад male “хвароба” + secco “сухасць” – з італьянскай);

2. Уласнабеларуская лексіка. Сюды мы адносім тэрміны, што ўзніклі ў беларускай мове з XIV стагоддзя і да нашых дзён: нырка, лытка, галёнка.

3. Неалагізмы. Па меры з’яўлення новых прадметаў і паняццяў узнікае неабходнасць у іх моўным абазначэнні. Так з’яўляюцца неалагізмы: эмбрыёлаг, аксід, тамограф.

4. У сучаснай беларускай мове адной з крыніц развіцця медыцынскай тэрміналогіі з’яўляецца дыялектная лексіка. Многія з іх і сёння ў карыстанні значнай часткі беларусаў і існуюць паралельна з запазычанымі або калькаванымі тэрмінамі: аорта – тутніца, ключыца – раменніца, прамая кішка – кутніца.


III. ЛІТАРАТУРА ПА ТЭМЕ ЗАНЯТКАЎ:

Антанюк, Л.А. Спецыяльная лексіка беларускай мовы. Тэрміналогія: вучэбны дапаможнік / Л.А. Антанюк. – 2-е выданне, перапрац. і дапоўненае. – Мн.: Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, 2005. – 99с.

Кітаева Т.В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка: вучэбна-метадычны дапаможнік / Т.В. Кітаева, Н.В. Ратынская. – Мінск: БДМУ, 2010. – 131 с.

Кліменка В.У. Медыцынская тэрміналогія. Лексіка. Стылістыка: навучальны дапаможнік па беларускай мове для студэнтаў медыцынскіх ВНУ / Гомельскі дзярж. медыцынскі ўніверсітэт. – Гомель, 2004. – 36 с.

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / пад рэд. А.Я. Баханькова. – Мн.: Навука і тэхніка, 1994. – 463 с.